Трохпальцы дзяцел, жоўтагаловы дзяцел (Picoides tridactylus) — птушка сямейства дзятлавых, распаўсюджаная ў хвойных і мяшаных лясах Еўразіі.
Невялікая птушка з даволі буйной галавой і вострай дзюбай; крыху драбнейшая за вялікага стракатага дзятла, аднак у палову буйнейшая за малога пярэстага. Даўжыня 21-24 см, размах крылаў 33-37 см, маса 50-90 г.
Апярэнне чорна-белае, але з боку выглядае хутчэй цёмным — за пераважна чорных бакоў і крылаў. Чырвоныя меткі на галаве і падхвосці, характэрныя для іншых дзятлаў, адсутнічаюць. Замест іх у самца і маладых птушак абодвух палоў на цемені развіта цытрынава-жоўтая, у самкі серабрыста-шэрая шапачка з цёмнымі стракацінамі. Па баках галавы чаргаванне чорных і белых палос, адна з якіх утварае вузкія «вусы» ад вугла дзюбы, а другая цягнецца ад вока і апускаецца ўздоўж бакавой часткі шыі. Уздоўж спіны ад патылiцы да надхвосця праходзіць белая паласа — выразна адрозная ў большасці формаў і слаба развітая ў падвіду alpinus, якія насяляюць горы Цэнтральнай Еўропы. Ніжняя частка бялёсая з цёмнымі меткамі падоўжнай, папярочнай альбо V-падобнай формы; інтэнсіўнасць гэтых метак памяншаецца з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень. На назе 3 пальцы — два накіраваныя наперад і адзін назад. Чацвёрты палец рэдукаваны. Палёт хуткі і прамалінейны.
Гняздуецца на тэрыторыі Талачынскага лясніцтва. Ахоўваецца Бернскай канвенцыяй. Паводле класіфікацыі відаў агульнаеўрапейскай прыродаахоўнай значнасці мае катэгорыю SPEC3, статус «Рэдкі».